Ззяе, палае, зрынае
знішчае ўпопел
мая душа наросхрыст
сотні спрадвечных мастоў
Раздзьмуваюць агонь
чорныя крылы
даўно забытых багоў
Прачынайся
пад гімны атручаных душ
глядзі ўвачавідкі на жудас
і руш!
Калі я заўжды
буду супраць усіх
увесь свет заўжды
будзе супраць мяне
Патрапіў у палон
бяз звестак знік
на дарэмнай вайне
ветравых млыноў
Бясконцыя хвалі зрынаюць міф
аб непарушнасці дабрыні
Заліваюць і слепяць усіх тых
хто бессаромна згадзіўся
і застаўся стаяць ля мяне...
...сярод такіх жа сляпых
між атручаных душ
мой раз'юшаны крык
Як гэта страшна не стаць
а застацца сляпым
Аскепкі непарушных клятваў
шматкі згарэўшых кніг
лісты сабе самому
на вырваных старонках
у палон дурных ілюзій
дзе я бяз звестак знік
яны так і не дайшлі
і пэўна не дайдуць
Бутэлькі б'юцца аб рыфы
Птушкі мёртвымі
падаюць уніз
пад карнавальныя маршы
з грымотаў і злых бліскавіц
Рэшткі жывога
кепска схаванага
зло знішчыць
імгненна ў анфіладах...
У анфіладах душы
атручанай цалкам!
Як гэта страшна - не стаць, а застацца сляпым